МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т.л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.
т. 10, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)